A R C H E П а ч а т а к № 2 (36) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналітыка

  УЛАДЗІМЕР КАЛУПАЕЎ

Вокладка ARCHE 2-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Уладзімер Калупаеў
Забыты Рэнэсанс
Беларуская эканамічная школа 1920-х гг.

              Нас аб’яднала адно моцнае жаданьне, адзінае творчае імкненьне – культурна-эканамічны Рэнэсанс Беларусі…

Гаўрыла Гарэцкі, 1921 г.

Пасьля закрыцьця Віленскага ўнівэрсытэту ў 1832 г. у Беларусі не засталося ніводнага цэнтру разьвіцьця фундамэнтальнай эканамічнай навукі. Такое становішча доўжылася без малога 90 гадоў, пакуль не адчыніліся Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт у 1921 г. і Інстытут беларускай культуры ў 1922 г. За гэты час перарвалася традыцыя айчыннай эканамічнай навукі, якая была знаходзілася пад уплывам ангельскай палітычнай эканоміі. Практычна ўся беларуская моладзь па навуцы ў сярэдніх школах дзеля далейшай адукацыі была змушаная ехаць углыб Расеі, у Польшчу або далей у Эўропу – да чужых людзей, чужых народаў... І цэлымі масамі заставалася ўжо там на ўсё жыцьцё, бо дома для іх месца не было. Сюды царскі ўрад насылаў процьму чужынцаў, верных служкаў рэжыму ў нішчаньні самабытнасьці Беларусі1; у гэты пэрыяд не вялося сыстэмнага збору статыстычных зьвестак і не праводзілася досьледаў аб разьвіцьці эканомікі беларускага краю.

Такая вось «спадчына» дасталася пакаленьню беларускіх эканамістаў, якія жылі ў часы пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў 1918 г. Але ўжо празь дзесяць гадоў узровень навуковых працаў і вынікі аграрнай палітыкі далі магчымасьць казаць пра рэнэсанс беларускай эканамічнай навукі. Закончыўся гэты рэнэсанс у засьценках АДПУ. Амаль увесь наклад надрукаваных кніг быў спалены, а іх аўтары былі арыштаваныя і рэпрэсаваныя па сфабрыкаваных справах.

ВЫВУЧЭНЬНЕ БЕЛАРУСІ ЯК ФАКТАР КУЛЬТУРНА-ЭКАНАМІЧНАГА АДРАДЖЭНЬНЯ

Пасьля ўваходжаньня ў склад Расейскай імпэрыі беларускі край зрабіўся настолькі забытым, што, акрамя этнаграфічных досьледаў, у навуковай сфэры тут не рабілася фактычна нічога. Эканамістам, як і прадстаўнікам іншых навук, давялося пачынаць з краязнаўства, каб здабыць тыя неабходныя зьвесткі, якія папярэднічаюць сур’ёзным эканамічным досьледам, найперш – статыстычныя, дэмаграфічныя, аб стане гаспадаркі і інш. Задачы пачатку 1920-х гг. трапна акрэсьліў тады яшчэ студэнт Гаўрыла Гарэцкі: «Вывучэньне Беларусі навучыць беларусаў той азбуцы, бязь веданьня якой нельга чытаць Вялікую Кнігу Рэнэсансу»2.

  эканаміст. адзін з аўтараў зборніка «Эўрапейскі выбар для Беларусі / Беларусь: сцэнары рэформаў» (Варшава, 2003).
   
У першыя гады Незалежнасьці, у 1918–1920, ініцыятыва па вывучэньні Беларусі прыйшла з-за яе межаў. У Маскве і Пецярбурзе былі створаны найбольш уплывовыя арганізацыі: адпаведна Беларуская культурна-навуковая асацыяцыя (далей БКНА) пры Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі (старшыня – г. Гарэцкі) і Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (куды ўваходзілі эканамісты Я. Канчар, Я. Пятровіч). Ідэю падхапілі беларускія студэнты іншых навучальных установаў Расеі (у тым ліку суполка Маскоўскага межавага інстытуту, куды ўваходзіў Я. Кісьлякоў), і ў Маскве было створана Бюро, якое займалася ўжо каардынацыяй дзейнасьці беларускіх арганізацый, дзе было задзейнічана каля 300 студэнтаў. Яны ладзілі дасьледчыя экспэдыцыі ў родны край, зьбіралі і апрацоўвалі неабходныя статыстычныя зьвесткі для Наркамзему Беларусі. Беларускія студэнцкія арганізацыі існавалі і ў іншых краінах. У 1927 г. у Празе была адчыненая першая дасьледчая ўстанова – Беларускі навуковы габінэт (БНГ), які ўпершыню на прафэсійнай аснове распачаў збор матэрыялаў па Беларусі, у тым ліку пра стан яе эканомікі. У 1928 г. БНГ выдаў адозву да ўсіх беларускіх эміграцыйных асяродкаў з заклікам да каардынацыі і супрацоўніцтва ў справе зьбіраньня і вывучэньня беларускай культурнай і навуковай спадчыны.

Як толькі ў Беларусі пачалі адчыняцца інстытуты, да супольнай справы далучаліся іх выкладчыкі і студэнты. У 1919–1924 гг. пры Горацкім сельскагаспадарчым інстытуце працавала беларуская сэкцыя студэнтаў (старшынямі былі ў розны час с. Журык і М. Ганчарык), пры Беларускім політэхнічным інстытуце на працягу 1921–1922 гг. дзейнічала таварыства, аднайменнае пецярбурскаму (туды ўваходзіў с. Скандракоў). У Інстытуце беларускай культуры ў 1922 г. была заснаваная сельскагаспадарчая сэкцыя, якая аб’яднала супрацоўнікаў Інбелкульту і Наркамзему (у 1926 г. туды ўваходзіла 62 чалавекі, старшынём быў З. Прышчэпаў, намесьнікам – А. Смоліч). У 1925 г. частка чальцоў гэтай сэкцыі, якая знаходзілася ў Горках, аб’ядналася ў Навуковае таварыства па вывучэньні Беларусі. Дзейнасьць яго 115 чальцоў (сярод якіх – с. Скандракоў, Б. Бойка, с. Журык, Т. Плятнер, М. Лайкоў, с. Тупяневіч) разгортавалася ў шасьці сэкцыях. Да 1930 г. таварыствам было выдадзена сем тамоў працаў, якія ўключалі вялікі і разнастайны матэрыял па сельскай і лясной гаспадарцы, сабраны ў экспэдыцыях і атрыманы ў выніку правядзеньня экспэрымэнтаў.

У тых умовах нельга было абысьціся без арганізацыйнай працы. Была створана сетка краязнаўчых арганізацый, адчыняліся дасьледчыя станцыі. Але самае галоўнае – была надоба рыхтаваць уласныя кадры, дзеля чаго патрэбен быў хоць адзін сапраўдны ўнівэрсытэт. У праекце камісіі, у працы якой бралі ўдзел М. Доўнар-Запольскі і Я. Карскі, былі ўлічаныя пажаданьні беларускіх навуковых колаў адкрыць адразу два факультэты эканамічнага профілю: камэрцыйна-эканамічны і агранамічны. Мясцовыя кадры неабходнай кваліфікацыі адсутнічалі, таму былі запрошаныя прафэсары зь іншых унівэрсытэтаў, беларусы па нацыянальнасьці. Сьпіс з 36 прафэсараў-беларусаў быў настолькі прадстаўнічы, што беларускі ўнівэрсытэт ужо з моманту аднаўленьня мог стаць адным з самых моцных ва Ўсходняй Эўропе. Але людзі, адказныя за гэтую справу, плянавалі запрашаць выкладчыкаў з маскоўскага, кіеўскага і іншых унівэрсытэтаў, без увагі на іх нацыянальнасьць. Тым ня менш, беларусізацыя, што пачалася неўзабаве, парушыла гэтыя намеры, бо ахвочых прыехаць амаль не было. Затое менавіта дзякуючы беларусізацыі пачалі вяртацца беларускія навукоўцы-эканамісты, якія дасягнулі посьпехаў на навукова-выкладчыцкай ніве за межамі бацькаўшчыны. Ільля Герцык вярнуўся з Рыгі, Аркадзь Смоліч – зь Вільні, Гаўрыла Гарэцкі – з Масквы, Аляксандар Цьвікевіч – з Прагі, а апошнім, пасьля доўгіх блуканьняў паміж Кіевам, Харкавам і Баку, вярнуўся Мітрафан Доўнар-Запольскі. У наваствораным БДУ зьмест лекцыяў па асноўных эканамічных дысцыплінах, у тым ліку па эканамічнай тэорыі, гісторыі эканамічнай думкі, сусьветнай эканоміцы, банкаўскай справе, грашовым абарачэньні і крэдыце (агульны аб’ём тэкстаў склаў больш за сто разьдзелаў) распрацаваў Ільля Герцык3. Ён чытаў гэтыя дысцыпліны з 1921 па 1931 г., пакуль ня быў арыштаваны. На ўнівэрсытэцкі ўзровень выкладаньня арыентаваліся М. Доўнар-Запольскі і У. Пічэта, якія чыталі лекцыі па гісторыі народнай гаспадаркі, А. Смоліч і г. Гарэцкі – па эканамічнай геаграфіі (апошні ў Горках). У той час БДУ ўсё ж набліжаўся да сапраўднага ўнівэрсытэту. Там чыталі лекцыі навукоўцы, якія ў сваёй галіне мелі распрацоўкі на ўзроўні ўласных тэорыяў, вядомых за мяжой, напрыклад, М. Доўнар-Запольскі і ягоны вучань У. Пічэта4.

ФАРМАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ГРУПОЎКІ ЭКАНАМІСТАЎ

  1 Выраз належыць М. Доўнару-Запольскаму: Biełaruski Uniwersytet / Homan. 1918. № 61, 6 žniŭnia (трансьлітаравана з лацінкі з захаваньнем стылю); ацаніць памер інтэлектуальнага донарства Беларусі дазваляе факт, які прыводзіў у 1926 г. г. Гарэцкі з даведніка «Наука России»: «па адным толькі Ленінградзе лічыцца выйшаўшых зь Беларусі вучоных: прафэсароў 55, дацэнтаў і выкладчыкаў 51, асыстэнтаў 9, лябарантаў 6, навуковых супрацоўнікаў 6 і інш. 49, а разам 176 чалавек» (Гарэцкі г. Аб беларусізацыі вышэйшых навучальных устаноў БССР // Гарэцкі г. Выбранае / Уклад., камент. Р. Гарэцкага; Прадмова М. Мушынскага – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2002. с. 76–77).

2 Горецкий г. Изучение Белоруссии как фактор ее Возрождения // Первый год деятельности Белорусской Культурно-Научной Ассоциации студентов Петровской сельскохозяйственной академии. Материалы первого годичного собрания Ассоциации. 14 ноября 1921 г. – Типография Горецкого сельскохозяйственного института, 1922. с. 9.

   
Разам з вывучэньнем роднага краю ў дасьледчыкаў-эканамістаў адбывалася фармаваньне нацыянальнай сьвядомасьці – гэтаксама, як гэта было з польскамоўнымі філяматамі і філярэтамі, з расейскамоўнымі этнографамі ў ХІХ ст. Па-беларуску імкнуліся весьці працу сябры БКНА на чале з г. Гарэцкім, Горацкай беларускай сэкцыі на чале з с.Журыкам і М. Ганчарыкам.

Сярод маладых эканамістаў прызнаным лідэрам культурна-эканамічнага адраджэньня быў Аркадзь Смоліч. Ён стварыў камісію па распрацоўцы эканамічнай тэрміналёгіі, сам актыўна ўдзельнічаў у яе працы, а таксама прыцягнуў туды акрамя маладых эканамістаў вядомых яму зь юнацтва Янку Купалу і Якуба Коласа. А. Смоліч увогуле быў адным з распачынальнікаў працэсу беларусізацыі эканамічнай навукі. Як намесьнік сельска-гаспадарчай сэкцыі Інбелкульту, якая тады выконвала ролю акадэмічнага цэнтру, ён запрашаў на працу навукоўцаў-эканамістаў з улікам іх стаўленьня да адраджэньня; у выніку за часы працы ў гэтай сэкцыі склалася і ўмацавалася нацыянальна сьвядомая групоўка эканамістаў. Пад уплывам Смоліча прыхільнікам беларусізацыі стаў старшыня сельска-гаспадарчай сэкцыі, наркам земляробства Зьміцер Прышчэпаў (1896–1940), які з 1926 г. пачаў выдаваць свае працы выключна на беларускай мове. Менавіта А. Смоліч угаварыў М. Доўнара-Запольскага вярнуцца ў Менск, прыцягнуў яго да рэдактарскай справы. На той час у сэкцыі ўжо працавалі «сьвядомыя беларусы»5 – эканамісты Я. Кісьлякоў, с. Скандракоў, г. Гарэцкі, Я. Грабоўскі, А. Трахімаў, М. Лайкоў, К. Кіпрыянец. Але праца сельскагаспадарчай сэкцыі была арганізавана на добраахвотнай аснове; разгортваньню патрэбных эканамічных досьледаў перашкаджала благое забесьпячэньне матэрыяльнымі рэсурсамі. Таму яшчэ ў канцы 1925 г. А. Смоліч распрацаваў праект стварэньня на аснове сельскагаспадарчай сэкцыі першай нацыянальнай дасьледчай установы ў галіне сельскай гаспадаркі, дзе працавалі б навукоўцы, якія прыхільна ставяцца да беларусізацыі. Задуму ўдалося рэалізаваць, і на пачатку 1927 г. БНДІ сельскай і лясной гаспадаркі быў адчынены, але ягоным дырэктарам стаў г. Гарэцкі.

Адначасова была зроблена спроба стварыць першую нацыянальную беларускую вышэйшую навучальную ўстанову (бо БДУ зь яго запрошанымі выкладчыкамі-небеларусамі ня быў у поўным сэнсе нацыянальным). Было вырашана зрабіць яе на падмурку Горацкага сельскагаспадарчага інстытуту, каб акрамя ўсяго іншага спрыяць і беларусізацыі ўсходняй Беларусі; Менскі сельскагаспадарчы інстытут далучылі да Горацкага, і такім чынам у 1925 г. была ўтворана Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія (БСГА). Беларусізацыю ў новай установе было вырашана правесьці наступным чынам: у Горках абаперціся на беларускую групу ў выглядзе Горацкага навуковага таварыства па вывучэньні Беларусі, якое існавала на правох сэкцыі Інбелкульту, і на частку беларускамоўных выкладчыкаў былога сельскагаспадарчага інстытуту, а таксама ўзмацніць, далучыўшы «сьвядомых беларусаў» зь ліку навуковых кадраў Менскага сельскагаспадарчага інстытуту. Каго абраць у склад навуковага пэрсаналу будучай сельскагаспадарчай акадэміі, вырашаў галоўным чынам А. Смоліч; ён жа фактычна даручыў г. Гарэцкаму каардынаваць дзейнасьць беларускай групоўкі, увёўшы яго ў склад управы БСГА. Цалкам зрабіць з БСГА беларускую нацыянальную ВНУ доўга не ўдавалася; ніяк не маглі абраць на пасаду рэктара чалавека, які б прыхільна ставіўся да справы беларусізацыі. Але беларуская групоўка паступова пашырала свой уплыў: колькасьць яе чальцоў неўзабаве дасягнула свайго максымуму – 115 чалавек, працы гэтага таварыства, а таксама запіскі БСГА выходзілі выключна на беларускай мове і сёньня зьяўляюцца гістарычным помнікам беларусізацыі аграрнай эканамічнай навукі. Як сьведчыў у 1929 г. М. Ганчарык, «па сутнасьці БСГА зьяўляецца сапраўднай беларускай вышэйшай навучальнай установай. Малодшыя катэгорыі нав. супрацоўнікаў усю вучэбную працу вядуць выключна на беларускай мове, шэраг дацэнтаў і прафэсараў гэтак-жа ўжо перайшлі ў выкладаньні на бел. мову, а частка пераходзіць у бліжэйшы час. Зараз пры сэкцыі навуковых працаўнікоў працуюць спэцыяльныя курсы для вывучэньня бел. мовы»6. Пры Навуковым таварыстве працягвала працу тэрміналягічная камісія, якая займалася між іншым і ўдасканаленьнем беларускай эканамічнай тэрміналёгіі (адказным быў Т. Плятнер); для гэтай справы Інбелкультам былі выдаткаваныя немалыя грошы, каб набыць чэскую, польскую і ўкраінскую тэрміналягічную літаратуру7 (заўважце: не расейскую).

  3 Нарадзіўся ў 1872 г. у Магілёўскай губэрні ў сям’і гандляра першай гільдыі. Скончыў Рыскі політэхнічны інстытут, там жа атрымаў навуковую ступень кандыдата камэрцыйных навук. Працягваў вывучэньне эканамічнай тэорыі ў Бэрліне. Пэўны час працаваў у банку, затым быў загадчыкам гарадзкой статыстыкі ў Менску.

4 Як сьведчыць Р. Платонаў, лёнданскі «The Slavoniс Review» пісаў на пачатку 1924 г.: «Зь беларускіх навукоўцаў, зь якімі навуковаму сьвету славонікі ўжо даводзіцца сур’ёзна лічыцца, згадаем М. Доўнара-Запольскага, У. Пічэту…» Калі ў 1926 г. М. Доўнара-Запольскага сьвядома і мэтанакіравана прымусілі пакінуць Менск, «арганізаваўшы» яго ад’езд, Масква прыняла яго як сусьветна вядомага навукоўца. Яго вылучылі на акадэміка, ён пачаў выкладаць у Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі: Платонаў Р. Аб выдаленні М. Доўнара-Запольскага з Беларусі // Платонаў Р. Лёсы: гісторыка-дакумэнтальныя нарысы аб людзях і падзеях духоўнага жыцця Беларусі 20–30-х гг. – Мінск, 1998. с. 27–40.

5 З паказаньняў г. Гарэцкага органам АДПУ відаць, што найменьні «шчыры» і «сьвядомы» беларус існавалі ўжо ў 1920-я гг. // Гл.: Гарэцкі Р. Ахвярую сваім «я»…: Максім і Гаўрыла Гарэцкія. – Мінск: Беларуская навука, 1998. – (Серыя «Людзі беларускай навукі»). с. 201.

6 Ганчарык М. Беларуская Дзяржаўная Акадэмія Сельскае Гаспадаркі: к 10-годзьдзю Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі // Сельская і лясная гаспадарка. Кн. 8. 1929. с. 18.

   
З 1927 г. акадэмічным цэнтрам эканамічнай навукі стаў БНДІ сельскай і лясной гаспадаркі. Сельскагаспадарчая сэкцыя Інбелкульту, як і плянавалася, была распушчаная, а ўся яе дасьледчая справа перайшла ў новы інстытут. Дырэктарам быў прызначаны г. Гарэцкі, а А. Смоліч стаў загадчыкам аднаго з ключавых аддзелаў – сельскагаспадарчай эканоміі і арганізацыі сельскай гаспадаркі. Чаму дырэктарам інстытуту стаў не ўплывовы А. Смоліч, а малады, як потым будуць казаць нядобразычліўцы, недавучаны асьпірант г. Гарэцкі? Тым болей, што калі ў 1927 г. статут Інбелкульту фактычна стаў акадэмічным, і туды маглі выбірацца толькі тыя, хто ўзбагаціў навуку ў сваёй галіне асабліва значнымі працамі, правадзейным членам быў абраны з эканамістаў толькі А. Смоліч, у той час, як у 1924–1926 гг. такіх было болей за 10 чалавек, у тым ліку і г. Гарэцкі8. Напэўна, ужо тады з боку партыйнага кіраўніцтва да А. Смоліча стаўленьне рабілася ўсё больш крытычным, і ягонае прызначэньне было немагчымае. У наступным годзе яго ня вылучаць на акадэміка, прыгадаўшы «грахі» маладосьці: арыентацыю на капіталістычны захад (з агульнапалітычных і нацыянальных матываў выступаў супраць Расеі падчас Першай сусьветнай вайны), дзейнасьць супраць савецкай улады ў часы адстойваньня БНР на міжнароднай арэне. Аднак забараніць працаваць яму пакуль ніхто ня мог, і часопіс «Сельская і лясная гаспадарка», які прапанаваў стварыць А. Смоліч, а таксама «Працы аддзелу сельскагаспадарчай эканоміі…» надрукавалі грунтоўныя эканамічныя досьледы, праведзеныя ў сярэдзіне 1920-х.

  7 Гл.: Важнейшыя моманты справаздачы Навуковага таварыства па вывучэньні Беларусі пры БСГА ў Горках ІБК // Праца Навуковага таварыства па вывучэньні Беларусі пры БСГА ў Горках. Т. 1. 1926. с. 184.

   
Беларусізацыя эканамічнай навукі патрохі ахапіла і дзяржаўныя ўстановы, у прыватнасьці Наркамзем і Дзяржплян. Гэты працэс можна бачыць на прыкладзе палітычна-эканамічнага часопісу Дзяржпляну «Савецкае будаўніцтва». У 1926–1927 (да № 4 уключна) часопіс выходзіў па-расейску, у 1927–1930 частка матэрыялаў па-расейску, частка па-беларуску, з 1931 – толькі па-беларуску.

Акрамя згаданых А. Смоліча, З. Прышчэпава, г. Гарэцкага, М. Доўнара-Запольскага, у беларускую нацыянальную групоўку эканамістаў уваходзілі Ян Кісьлякоў, Сяргей Скандракоў, Барыс Бойка, Міхась Ганчарык, Сьцяпан Журык, Аўдакім Ярашчук, былыя чальцы БКНА Сяргей Ждановіч, Ян Грабоўскі, Мікіта Лайкоў, Пётра Хоцкі, а таксама маладыя эканамісты-асьпіранты Тодар Плятнер, Кірыл Кіпрыянец, Алесь Дземідовіч. Усе гэтыя эканамісты выдавалі свае працы па-беларуску, заклаўшы падмурак па-сапраўднаму беларускай эканамічнай навукі. Нават акты абвінавачаньня ў нацдэмаўшчыне пісаліся на беларускай мове. Такім чынам, існавала ня толькі эканамічная навука ў нэаклясычнай традыцыі, але яна была яшчэ і пераважна беларускамоўнаю.

ІДЭЯ ЭКАНАМІЧНАГА АДРАДЖЭНЬНЯ – КАНЦЭПЦЫЯ «БЕЛАРУСЬ-ДАНІЯ»

Упершыню ідэя арыентаваньня Беларусі на разьвітыя эўрапейскія краіны ўзьнікла ў публіцыстыцы. Газэта «Наша Ніва» часьцяком зьмяшчала матэрыялы аб дасягненьнях у сельскай гаспадарцы Даніі, Швайцарыі, Усходняй Прусіі і іншых краінаў, якія ў некаторых пазыцыях мелі нават горшыя, чым у Беларусі, умовы для гаспадараньня9.

Затым гэтая думка набыла папулярнасьць у студэнцкіх колах, а таксама сярод палітычнай эліты абвешчанай БНР. У дыспутах паміж чальцамі БНКА пры Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі была вылучана ідэя ператварыць праз 20–30 гадоў Беларусь у Данію. «Набліжаюцца адказныя часы, у якія эканамічны разьвітак Беларусі павінен злажыць ёй гісторыю Даніі і Бэльгіі», – казаў на штогадовым пасяджэньні г. Гарэцкі10. Эканамічна моцная і падобная да беларускага краю прыродна-кліматычнымі і дэмаграфічнымі ўмовамі Данія была абраная не выпадкова. Прыклад яе эканамічнага росквіту абвяргаў даўнія стэрэатыпы, што адсутнасьць значнай колькасьці карысных выкапняў, неспрыяльны клімат для вядзеньня сельскай гаспадаркі ды недастатковая гушчыня насельніцтва быццам бы перашкаджаюць Беларусі стаць заможнай краінай. Сябры БКНА, якія затым зрабіліся знакавымі постацямі ў беларускай эканамічнай навуцы, – Гаўрыла Гарэцкі, Сяргей Ждановіч, Ян Грабоўскі, Мікіта Лайкоў, Пётра Хоцкі – а таксама сябры моладзевых арганізацый іншых ВНУ – Ян Кісьлякоў, Сьцяпан Журык, Барыс Бойка – галоўнымі чыньнікамі росквіту Беларусі лічылі падвышэньне рынкавасьці яе эканомікі і нацыянальнае адраджэньне. Ажыцьцяўленьне гэтай ідэі было падмацавана распрацоўкай адпаведнай канцэпцыі эканамічнага разьвіцьця з працоўнай назвай «Беларусь-Данія» (сустракаліся, праўда, і іншыя назовы-параўнаньні, напрыклад, «Беларусь-Бэльгія», «Беларусь-Нідэрлянды»).

  8 Правадзейныя сябры Інбелкульту ў 1924–1926 гг., якія так ці іначай маюць дачыненьне да эканамічнай навукі: А. Смоліч, г. Гарэцкі, М. Доўнар-Запольскі, З. Прышчэпаў, с. Скандракоў, Я. Пятровіч, А. Цьвікевіч, І. Краскоўскі, М. Бурштэйн, Ч. Родзевіч, А. Кірсанаў, М. Козыраў, Э. Русецкі. Гл.: Інстытут беларускай культуры. – Мінск: Навука і тэхніка, 1993. с. 252–253.

9 Сельская гаспадарка ў Даніі // Наша Ніва: Факсімільнае выданне. 1909. № 51–52. с. 756–758; Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). [Пераклад кнігі с. Сямёнава «Па чужынскім землям (пра сельскую гаспадарку Швайцарыі, Ангельшчыны, Італіі)».] // Наша Ніва: Факсімільнае выданне. 1910. № 22, 23–24, 36. с. 339–341, 360–362, 548–551.

   
У пэрыяд так званага НЭПу вакол гэтай канцэпцыі аб’ядналася беларуская нацыянальная групоўка эканамістаў. Праўда, яе назва, з улікам паноўнай у той час афіцыйнай ідэалёгіі, была зьмененая на «Беларусь – Чырвоная Данія»11, але ад гэтага яна не зрабілася менш прарынкавай і празаходняй. Акрамя ўжо згаданых г. Гарэцкага, с. Ждановіча, Я. Кісьлякова, с. Журыка, яе падтрымлівалі З. Прышчэпаў, А. Смоліч, Р. Бонч-Асмалоўскі. Каб упэўніцца ў дакладнасьці сваіх меркаваньняў, г. Гарэцкі і З. Прышчэпаў адмыслова ад Інбелкульту праходзілі навуковую стажыроўку ў Нямеччыне, Польшчы і Даніі ў жніўні–верасьні 1926 г.12. У 1927 г. ад БНДІ сельскай і лясной гаспадаркі ў Нямеччыне і Даніі чатырохмесячную стажыроўку праходзіў Сьцяпан Журык, дзе знаёміўся са сьвінагадоўляй і з адкормам сьвіней на бэкон, вывучаў спэцыяльную навуковую літаратуру. Па вяртаньні, напісаўшы некалькі працаў13, с. Журык узначаліў спачатку дасьледчую станцыю, а потым і інстытут сьвінагадоўлі, дзе выкарыстоўваў замежны досьвед.

Лічылася, што ліквідаваць адсталасьць беларускай сельскай гаспадаркі ад Польшчы, Чэхіі, краінаў Балтыі, ня кажучы ўжо пра заходнеэўрапейскія краіны, можна толькі шляхам перайманьня ў гэтых краінаў прагрэсіўных мэтадаў і тэхналёгій гаспадараньня. У адрозьненьне ад цяперашніх часоў, тады існавала традыцыя параўноўваць разьвіцьцё народнай гаспадаркі Беларусі з такімі краінамі, як Нямеччына, Бэльгія, Данія, Нідэрлянды альбо, ужо як крайні выпадак, з эўрапейскай часткай Расеі14. Харызматычны наркам земляробства З. Прышчэпаў казаў: «Беларусь у разьвіцьці сельскай гаспадаркі павінна ісьці па шляху Даніі і мусіць стаць Даніяй на Ўсходзе Эўропы»15.

АРГАНІЗАЦЫЙНА-ВЫТВОРЧАЯ ШКОЛА Ў БЕЛАРУСІ (1920–1930)

Эканамічная думка Беларусі ў 1920-х падпадала пад уплыў арганізацыйна-вытворчай школы расейскай эканамічнай навукі. Амаль усе працы, якія можна аднесьці да фундамэнтальнай эканамічнай навукі, напісаныя ў гэты пэрыяд у Беларусі, адносяцца да гэтай мэтадалягічнай традыцыі.

Пачынальнікам гэтай школы лічыцца Аляксандар Чаянаў, які ў 1911 г. прапанаваў стварыць навуку аб арганізацыі сялянскай гаспадаркі. Гэтую ідэю падтрымала групоўка прагрэсіўных расейскіх эканамістаў, у тым ліку прафэсар Расейскага (Нова-Александрыйскага) інстытуту сельскай гаспадаркі і лесаводзтва (г. Новая Александрыя, цяпер г. Пулавы, Польшча), Аляксандар Чалінцаў. Першым часам А. Чаянаў і А. Чалінцаў былі галоўнымі тэарэтыкамі (абодва былі намесьнікамі міністра земляробства ў апошнім складзе Часовага ўраду) новага кірунку, сутнасьць якога палягала ў вывучэньні арганізацыі сялянскай гаспадаркі на падставе тэрытарыяльных, дэмаграфічных, глебавых, ляндшафтных і іншых фактараў. У часы НЭПу цэнтрам «арганізацыйна-вытворчай школы», акрамя НДІ сельскагаспадарчай эканоміі (дырэктар А. Чаянаў), каньюнктурнага інстытуту (дырэктар М. Кандрацьеў), быў эканамічны факультэт Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе катэдры і іх загадчыкі падбіраліся пад кірункі новай тэорыі – А. Чаянаў стаў загадчыкам катэдры арганізацыі сельскай гаспадаркі, А. Чалінцаў – раянаваньня сельскай гаспадаркі, Мікалай Макараў, аўтар самога панятку «арганізацыйна-вытворчая школа», – плянаваньня сельскай гаспадаркі, Аляксандар Рыбнікаў – эканамічнай геаграфіі. У пачатку 1920-х у гэтай акадэміі ў А. Чаянава, А. Чалінцава, М. Макарава, А. Рыбнікава, М. Кандрацьева навучалася болей за 200 беларускіх студэнтаў.

Паміж знакавымі постацямі беларускай і расейскай эканамічнай навукі ў тыя часы склаліся шчыльныя творчыя сувязі. А. Смоліч навучаўся ў А. Чалінцава (1909–1910; 1913–1915) у Нова-Александрыйскім інстытуце. У 1914–1915, калі інстытут быў эвакуаваны ў Харкаў, ён пад кіраўніцтвам Чалінцава ўдзельнічаў у навуковай экспэдыцыі для дасьледаваньня сялянскіх гаспадарак у паўднёвых губэрнях Расеі і Ўкраіны. Ужо ў часы самастойнай працы ў Беларусі А. Смоліч падтрымліваў шчыльныя навуковыя сувязі са сваім былым настаўнікам. У 1924 г. прыяжджаў у Маскву, каб паказаць зроблены ім пераклад на беларускую мову кнігі А. Чалінцава «Аб рахункавым аналізе сялянскай гаспадаркі».

Самыя вядомыя на той час у сьвеце расейскія эканамісты – М. Кандрацьеў і А. Чаянаў16 – выкладалі эканамічную тэорыю ў Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі вялікай групе студэнтаў – ураджэнцаў Беларусі. Чаянаў выступаў зь лекцыяй перад сябрамі БКНА на тэму «Праблемы Краю». Цікава, што г. Гарэцкі мог абраць сваім навуковым кіраўніком у час вучобы ў асьпірантуры і А. Чаянава, і М. Кандрацьева. Ён некалькі разоў быў на кватэры А. Чаянава ў памяшканьні Сэлекцыйнай станцыі ў Разумоўскім, зьвяртаўся па кансультацыі да М. Кандрацьева, які, у прыватнасьці, вычытваў рукапіс адной з самых грунтоўных эканамічных працаў г. Гарэцкага «Народны прыбытак». Але ў выніку г. Гарэцкі выбраў навуковым кіраўніком А. Рыбнікава. Менавіта А. Рыбнікаў у 1926 г. напісаў прадмову да працы «Народны прыбытак», а ў 1927 г. яны выдалі сумесную працу «Эканамічны ўплыў Масквы на арганізацыю сельскай гаспадаркі вобласьці», прадмову да якой напісаў ужо А. Чаянаў. У сваёй прадмове А. Чаянаў высока ацаніў навуковы ўзровень г. Гарэцкага і вынікі ягонай экспэдыцыі, адзначыў навіну выкарыстанага ім мэтаду эканамічнага профілю для вывучэньня недасьледаваных прастораў, у тым ліку Беларусі. Але яшчэ да гэтай працы А. Чаянаў пісаў рэкамэндацыйны ліст г. Гарэцкаму на францускай мове, калі той ехаў на навуковую стажыроўку ў Польшчу, Нямеччыну, Данію (жнівень–верасень 1926). Пазьней паміж А. Чаянавым і г. Гарэцкім вялося ліставаньне. У часы працы ў Беларусі г. Гарэцкі таксама не аднойчы наведваў М. Кандрацьева ў Каньюнктурным інстытуце і нават запрашаў яго чытаць лекцыі па дысцыпліне «каньюнктура і рынкі» ў БСГА ў Горках17.

Г. Гарэцкі быў, безумоўна, адным з самых актыўных беларусаў, якія навучаліся і працавалі ў той час у Маскве. Ён узначальваў БКНА (1920–1922), у 1922 г. пасьля першага арышту яго плянавалі выслаць у Нямеччыну на тым самым параходзе, які на загад Леніна вывез інтэлігенцыю за межы Расеі. Акрамя А. Чаянава, М. Кандрацьева і А. Рыбнікава, г. Гарэцкі меў сяброўскія адносіны з прафэсарам А. Фартунатавым (які быў, дарэчы, этнічным беларусам), быў асабіста знаёмы зь Юроўскім, Студзенскім, Літошанкам, Ванштэйнам; у 1928 г. разам з А. Чалінцавым аглядаў Харкаўскую дасьледчую станцыю, запрашаў на працу ў Горкі прафэсара А. Фабрыканта. Заснавальнікі арганізацыйна-вытворчай школы А. Чаянаў, М. Кандрацьеў, А. Чалінцаў і М. Макараў, знаходзячыся ў Бутырскай турме, калі трэба было назваць лідэра так званай беларускай філіі, вылучылі на гэтую роль менавіта г. Гарэцкага (праўда, быў названы яшчэ с. Ждановіч). Сьледам за імі г. Гарэцкі быў арыштаваны і дастаўлены ў Маскву, сядзеў спачатку ў адной камэры са сваім былым навуковым кіраўніком А. Рыбнікавым, а потым у супольнай камэры на 60 чалавек з усёй групай прафэсараў, якія праходзілі па сфабрыкаванай АДПУ справе Працоўнай сялянскай партыі. Ён быў вымушаны даць паказаньні пра свае адносіны з расейскімі эканамістамі, што выкладалі ў бадай самай моцнай на той час у Расеі Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі, і гэта сёньня ёсьць асноўнай крыніцай нашых ведаў. Без сумненьня, творчыя сувязі мелі і іншыя выпускнікі, але яны застаюцца амаль нявывучаныя. Вучнямі А. Чаянава, М. Кандрацьева і іншых расейскіх эканамістаў, заснавальнікаў арганізацыйна-вытворчай школы, можна лічыць выпускнікоў маскоўскіх ВНУ пачатку 1920-х, ураджэнцаў Беларусі, якія потым разьвівалі беларускую эканамічную навуку ў межах нэаклясычнай традыцыі. Акрамя г. Гарэцкага, гэта былі Ян Кісьлякоў, Сяргей Ждановіч, Ян Грабоўскі, Пётра Опра, Пётра Хоцкі і іншыя. Былі кантакты і іншага кшталту, напрыклад, прафэсар М. Доўнар-Запольскі пасьля вымушанага ад’езду зь Менску ў 1926 г. пераехаў у Маскву і выкладаў у Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі.

  10 Первый год деятельности Белорусской Культурно-Научной Ассоциации студентов Петровской сельскохозяйственной академии. Материалы первого годичного собрания Ассоциации. 14 ноября 1921 г. – Типография Горецкого сельскохозяйственного института, 1922. с. 2.

11 Канцэпцыя «Беларусь-Данія» павінна стаць асобнай тэмай досьледу. Дарма што існаваньне гэтай канцэпцыі было адным з пунктаў абароненай В. Буськом доктарскай дысэртацыі (Бусько В. Экономическая мысль Беларуси в период НЭПа (20-е годы). – Мінск: Право и экономика, 2000. с. 247–248), яе апісаньне зьмешчана ім у асобным артыкуле (Бусько В. О концепции «Беларусь – Красная Дания» // Белорусский экономический журнал. 2000. № 4. с. 108–117), і яна некалькі разоў узгадваецца ў Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, усё ж ёсьць сумневы ў фізычным існаваньні гэтай канцэпцыі. Хутчэй за ўсё, яна існавала віртуальна, у выглядзе ідэі альбо аднолькавых поглядаў групы эканамістаў, якія лепей за ўсё падсумоўваў З. Прышчэпаў: «Беларусі трэба ісьці па шляху заходнеэўрапейскай сельскай гаспадаркі, а не трымацца за які-небудзь свой дамарошчаны». Трэба вылучыць тых эканамістаў, якія ў сваіх працах рабілі параўнаньні з Даніяй і інш. разьвітымі краінамі, мелі там стаж, і на аснове гэтага зрабіць рэканструкцыю гэтай канцэпцыі, а не шукаць выпадковыя праявы рынкавай схільнасьці ў працах усіх аўтараў таго часу, як гэта робіць В. Бусько.

12 Па выніках гэтай паездкі З. Прышчэпаў напісаў артыкул: Прышчэпаў З. Сельская гаспадарка Прусіі і Даніі ў параўнаньні з Беларускай // Сельская і лясная гаспадарка. Кн. 2. 1927. с. 66–82.

13 Журык с. Халоднае сіласаваньне. – Менск, 1928; Пытаньні бэканізацыі ў БССР. – Менск, 1930. (Усе спасылкі ў працах – на замежныя крыніцы, параўнаньні з Даніяй і Нямеччынай. – Аўт.)

14 Гл.: Прышчэпаў З. Задачы рэканструкцыі сельскай гаспадаркі // Савецкае будаўніцтва. 1928. № 3–4. с. 59.

15 Процька Т. Вынішчэньне сялянства. Вёска Ўсходняй Беларусі пад цяжарам бальшавіцкіх рэпрэсіяў 30-х гадоў. – Менск: БГАКЦ, 1998. с. 51.

16 М. Кандрацьеў і А. Чаянаў яшчэ пры сваім жыцьці былі вядомымі ў сьвеце эканамістамі. Іх працы выдаваліся ў іншых краінах. «Працы М. Кандрацьева атрымалі высокую адзнаку за мяжой у водгуках Сямёна Кузьняца (адзінага нобэлеўскага ляўрэата па эканоміцы, ураджэнца Беларусі. – Аўт.), Уэсьлі Клэра Мітчэла, Ірвінга Фішэра, Джона М. Кейнса; ён быў абраны чальцом шэрагу замежных навуковых таварыстваў: Амэрыканскай навуковай асацыяцыі, Лёнданскага статыстычнага і сацыялягічнага таварыства, а таксама ўваходзіў у рэдкалегіі шэрагу замежных эканамічных часопісаў». Цыт. паводле: Гловели г. Организационно-производственная школа // История экономических учений / Под ред. В. Автономова, О. Ананьина, Н. Макашевой. – Москва: ИНФРА-М, 2003. с. 460.

17 Падрабязьней пра гэта гл.: Гарэцкі Р. Ахвярую сваім «я»… с. 109–140.

   
Чаму беларускія эканамісты таго пакаленьня ня сталі шырока вядомымі ў сусьветнай эканамічнай навуцы? На маю думку, ім папросту не хапіла часу. У сваёй большасьці яны былі вучнямі вядомых у сьвеце расейскіх эканамістаў, таму іх працы ішлі са спазьненьнем прыкладна на 10 гадоў, а ўвогуле лёс адвёў ім часу на навуковую працу ўсяго 5–7 гадоў. Шмат сілаў было згублена на дасьледаваньне каляэканамічных тэмаў і вырашэньне каляэканамічных праблемаў. Тым ня менш, пэўнае прызнаньне на рэгіянальным узроўні ўсё ж было. Навуковымі інстытутамі, найперш БНДІ сельскай і лясной гаспадаркі, была наладжана сыстэма шырокай рассылкі працаў беларускіх эканамістаў за межы Беларусі (50 % усіх выданьняў ішло за межы БССР, а з гэтага ліку каля паловы і за межы СССР). Выданьні згаданага НДІ, а таксама Наркамзему і БСГА ў Горках канцэнтравалі на той час найлепшыя эканамічныя досьледы, надрукаваныя па-беларуску; рассылка іх за мяжу, на думку г. Гарэцкага, павінна была стаць цудоўнай дэманстрацыяй дасягненьняў найвышэйшых формаў беларускай культуры18, у тым ліку ў галіне эканамічнай навукі. Таму пераважная большасьць эканамічных працаў таго часу мела разгорнутае рэзюмэ на нямецкай альбо ангельскай мовах (на расейскай мове рэзюмэ амаль не сустракалася). Паводле сьведчаньня Міхася Мушынскага19, праца «Межы заходняй Беларусі ў Польшчы», выдадзеная на беларускай мове з разгорнутым рэзюмэ на ангельскай, атрымала шырокую вядомасьць, і г. Гарэцкі быў запрошаны чытаць лекцыі ў славуты Кембрыдзкі ўнівэрсытэт. Яшчэ раней, у 26 гадоў, г. Гарэцкі выдаў перадавую кнігу «Народны прыбытак Беларусі», бо на той час у сьвеце ўласны народны прыбытак мелі ня болей за 15 краінаў. Залатым мэдалём расейскага геаграфічнага таварыства (станоўчую рэцэнзію даў П. Сямёнаў-Цяньшанскі) былі ўзнагароджаны працы А. Смоліча20. Шырокі рэзананс у расейскай навуковай літаратуры атрымала дасьледаваньне Я. Кісьлякова «Пасёлкі (оптымум тэрыторыі і эфэкт землеўпарадкаваньня», у якім ён фактычна працягнуў распрацоўку навукі аб арганізацыі сялянскай гаспадаркі А. Чаянава (потым у абвінаваўчых дакумэнтах АДПУ быў уведзены нават тэрмін «кісьлякоўцы» ў тым самым разуменьні, што і «чаянаўцы»). Бо, сапраўды, у «беларускіх пятроўцаў», як яны самі сябе называлі ў студэнцкія гады, у канцы 1920-х пачалі зьяўляцца вучні, беларускія эканамісты, якія атрымалі адукацыю ўжо ў Беларусі – Т. Плятнер, М. Макараў, А. Камінскі (навуковы кіраўнік Я. Кісьлякоў), К. Кіпрыянец, А. Дземідовіч, с. Маргелаў (навуковы кіраўнік г. Гарэцкі)21. Тыя адзінкі, якія ўсё ж дачакаліся рэабілітацыі ў сярэдзіне 1950-х, дасягнулі значных посьпехаў у іншых навуках: г. Гарэцкі стаў выдатным беларускім геолягам, заснавальнікам новай навукі палеапатамалёгіі (навукі пра рэкі мінулага), доктарам геоляга-мінэралягічных навук, акадэмікам, а М. Ганчарык – доктарам біялягічных навук, дырэктарам Інстытуту біялёгіі Акадэміі навук.

  18 Тамсама. с. 207.

19 Гарэцкі г. Выбранае. с. 15.

20 Гл.: Смоліч А. Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927–1928 гг.: Папярэдняя схема і мэтадалягічныя ўвагі. – Менск, 1929. – 137 с.; Тыпы геаграфічных краявідаў Беларусі. – Менск. 1925. – 11 с.

   
Калі ўпершыню знаёмішся з працамі беларускіх эканамістаў сярэдзіны 1920-х, можа скласьціся ўражаньне, што іх нават нельга залічыць да эканамічнай навукі – нейкая сьвінагадоўля, севазвароты, плошчы і культуры пасеваў і г. д. Зьдзіўляе, аднак, высокі індэкс цытаваньня працаў прадстаўнікоў расейскай арганізацыйна-вытворчай школы: М. Кандрацьева, А. Чаянава, А. Чалінцава, М. Макарава, А. Рыбнікава, Л. Літошанкі, г. Студзенскага, Л. Юроўскага, А. Вайнштэйна, А. Фартунатава, А. Фабрыканта. Іначай гэтыя працы ўяўляюцца, калі ведаеш, што яны адносяцца да навукі аб арганізацыі сялянскай гаспадаркі22. Ва ўмовах, калі Беларусь была пераважна аграрным краем (у 1913 г. вага сельскай гаспадаркі ў ВУП складала 62,3 %, колькасьць занятых – 89 %) з наяўнасьцю такіх перажыткаў у вядзеньні гаспадаркі, як трохпольле (заставалася яшчэ ад аграрнай рэформы на валокі 1557 г.), шнуры, цераспалосіца, шматпольле (узьніклі пасьля скасаваньня прыгону ў 1861 г.), першай задачай эканамічнай навукі было абгрунтаваць перабудову сялянскіх гаспадарак з улікам шмат якіх абставінаў: прыродна-гістарычных (асаблівасьці эвалюцыі сельскай гаспадаркі Беларусі, шчыльнасьці насельніцтва, клімату), эканамічных (становішча адносна рынкаў збыту, транспартных шляхоў), геаграфічных (ляндшафтныя, глебавыя, дэмаграфічныя і інш. асаблівасьці). Трэба было аптымальна па-новаму разьмясьціць сялянскія гаспадаркі з максымальным эфэктам атрыманьня прыбытку, правесьці новае эканамічнае раянаваньне. Аграрная ж палітыка хутарызацыі, утварэньня пасёлкаў, землеўпарадкаваньня, інтэнсыфікацыі сельскай гаспадаркі, за часамі наркамзема Зьмітра Прышчэпава ў 1924–1929 гг. праводзілася ўжо на падмурку гэтай новай эканамічнай навукі23. Я. Кісьлякоў называў яе тэорыяй разьвіцьця нашае сельскае гаспадаркі, альбо беларускай сельскагаспадарчай эканоміяй. Зь іншага боку, гэтая навука зусім ня ўлічвалася ў часы калектывізацыі пры ўтварэньні вёсак, якія ствараліся як цэнтры калгасаў шляхам прымусовага сьцягваньня хутароў і пасёлкаў. Нежыцьцяздольнасьць такіх штучна створаных пасяленьняў без уліку вышэйзгаданых абставінаў яшчэ на момант іх стварэньня дакладна прадказаў Т. Плятнер24. Падкрэсьліваў адсутнасьць тэарэтычнага абгрунтаваньня пераваг калгасных вёсак над сялянскімі гаспадаркамі і г. Гарэцкі, які разглядаў першыя посьпехі калектывізацыі як цуд альбо другую рэвалюцыю25. Гэта адказ таму, хто не зразумеў дагэтуль, чаму вялікія вёскі, якія былі створаныя за часамі калектывізацыі, выміраюць у Беларусі ў першым-другім пакаленьні (засталіся дзеці, якія зь нейкіх прычынаў выявіліся непрыдатнымі да гарадзкога жыцьця, ня здолелі зьбегчы з калгасу і вымушаны там працаваць ва ўмовах бязладзьдзя, ад чаго дэградуюць), а прататыпы былых беларускіх хутароў і пасёлкаў ужо праз пару кілямэтраў за Берасьцем – за польскай мяжой – зьдзіўляюць нас сваім росквітам.

Дарэчы, мэтадалёгія навукі аб арганізацыі сялянскай гаспадаркі дала штуршок разьвіцьцю такой дысцыпліны, як «эканамічная геаграфія», элемэнты якой аднымі зь першых акрэсьлілі ў сваіх артыкулах А. Чаянаў і А. Чалінцаў. Потым, як ужо адзначалася, у Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі была створана катэдра эканамічнай геаграфіі, якую ўзначальваў А. Рыбнікаў і на якой працаваў асьпірантам г. Гарэцкі, бо абраў у якасьці спэцыялізацыі якраз «эканамічную геаграфію». Гэта, дарэчы, унесла істотную блытаніну ў вызначэньне навуковай спэцыялізацыі некаторых эканамістаў. Дагэтуль, напрыклад, некаторыя беларускія дасьледчыкі лічаць г. Гарэцкага і А. Смоліча географамі, тады як насамрэч яны былі эканамістамі, выбітнымі прадстаўнікамі беларускай арганізацыйна-вытворчай школы.

ДОСЬЛЕДЫ ЗАНЯПАДУ ЭКАНОМІКІ БЕЛАРУСКАГА КРАЮ Ў 1861–1914 гг.

Дзякуючы досьледам беларускіх эканамістаў у 1920-я гг. сёньня можна зрабіць рэканструкцыю разьвіцьця эканомікі беларускага краю ў эпоху станаўленьня тут капіталізму. Дарма што наша краіна ў ХІХ ст. знаходзілася ў складзе Расейскай імпэрыі, шляхі разьвіцьця эканомік Беларусі і Расеі ў гэты час значна розьніліся. Асабліва значныя разыходжаньні сталі складвацца ў другой палове ХІХ ст., калі пачала адбывацца экспансія заходняга капіталу. Буйны замежны капітал, каб пранікнуць сюды, павінен быў атрымаць дазвол царскіх уладаў і прыняць выстаўленыя ўмовы. Вядомы факт, што капіталізм, які разьвіўся ў Расейскай імпэрыі да кастрычніцкага перевароту, адрозьніваўся ад заходняга тым, што тут так і не адбылося аддзяленьня эканомікі ад дзяржавы. Царскі ўрад накіроўваў замежны капітал галоўным чынам на разьвіцьцё рэгіёнаў вакол Масквы і Пецярбургу.

У дачыненьні ж да Беларусі ў гэты пэрыяд праводзілася асобная эканамічная палітыка. Пасьля паўстаньня 1863–1864 гг. распачалася хваля русіфікацыі. Царскія ўлады разгарнулі барацьбу з так званымі «польскімі маёнткамі», забараніўшы каталікам і асобам «польскага паходжаньня» купляць зямлю. Землеўладальнікі баяліся прадаваць зямлю і ўкладаць грошы ў прамысловасьць, бо ў выніку няўдачы маглі застацца ні з чым. З другога боку, каб атрымаць канкурэнтаздольную прадукцыю ў сельскай гаспадарцы, ужо ў той час патрабавалася набыцьцё мэханічных прыстасаваньняў, штучных угнаеньняў і г. д. Без пачатковага капіталу падняць яе на адпаведны ўзровень было складана. Дадатковыя ж даходы можна было атрымаць толькі з вытворчасьці, якая б абапіралася на ўласную сыравіну – зь лесанарыхтовак, бровараў, і таму шмат гаспадарак банкрутавала. Іх танна набывалі прыежджыя расейцы, часьцяком для таго, каб толькі высечы лес і прадаць далей. Калі ў 1874–1900 гг. на сусьветных рынках яшчэ і ўпалі цэны на збожжа, банкруцтва мясцовых панскіх маёнткаў набыло масавы характар. Але яшчэ да таго расейскі ўрад нанёс «сьмяротны» ўдар па эканоміцы беларускага краю. Каб выціснуць так званых польскіх памешчыкаў на тэрыторыю карэннай Польшчы (у тую яе частку, якая ўваходзіла ў склад імпэрыі), мытная мяжа, якая аддзяляла Расею ад танных замежных тавараў, была праведзена не па Польшчы, а паміж Беларусьсю і Польшчай. У выніку эўрапейскі капітал, найперш нямецкі, уздымаў прамысловасьць у Варшаве, Лодзі, Беластоку, а адтуль польскія танныя тавары траплялі на беларускі рынак. З другога боку расейскія танныя тавары траплялі на беларускі рынак. І расейцы, і палякі разглядалі Беларусь як рынак збыту ўласных тавараў. Пра зацікаўленасьць царскіх уладаў разьвіваць тут прамысловасьць з дапамогай замежнага капіталу не магло быць і гаворкі. Гэты край быў яшчэ вельмі чужы, ён быў больш польскі, чым расейскі. Паводле зьвестак А. Смоліча, перад Першай сусьветнай вайной прамысловасьць Беларусі вырабляла тавараў на суму ня больш як 150 мільёнаў рублёў, у той час як толькі расейская частка Польшчы вырабляла на 800 мільёнаў, а прамысловасьць толькі Падмаскоўнага раёну давала тавараў больш чым на мільярд рублёў у год.

Акрамя таго, царскія ўлады чынілі дыскрымінацыю жыдоў, увёўшы для іх стаўкі падаткаў у 3–5 разоў вышэйшыя, чым для астатніх прадпрымальнікаў. З улікам таго, што, напрыклад, у 1897 г. удзельная вага жыдоў у гандлі складала 88,6 %, а ў прамысловасьці – 56,5 %, такая падатковая палітыка моцна стрымлівала разьвіцьцё прамысловасьці ў Беларусі. Нездарма большасьць беларускіх дасьледчыкаў пасьля абвяшчэньня БНР, а потым БССР, якія разглядалі гэты пэрыяд разьвіцьця эканомікі беларускага краю (А. Смоліч, г. Гарэцкі, М. Доўнар-Запольскі, А. Цьвікевіч, А. Луцкевіч)26 з нацыянальных інтарэсаў, у адзін голас называлі эканамічную палітыку царскай Расеі ў дачыненьні да Беларусі каляніяльнай.

  21 Гл.: Плятнер Т. Рахункавыя запісы ў сялянскіх гаспадарках / Пад. рэд. Я. Кісьлякова. – Менск, 1927; Плятнер Т. Зьмены ў будове асноўных элемэнтаў сельскай гаспадаркі ў сувязі з пасялковым землеўпарадкаваньнем. 1928; Камінскі А. Да пытаньня аб чаканым эфэкце землеўпарадкаваньня ў умовах Беларусі // Працы Горы-Горацкага навуковага таварыства. – Горкі, 1928. Т. 5. с. 218–241; Маргелаў с. Браварная прамысловасьць і яе штандарт на тэрыторыі сучаснай Беларусі (1884–1927) / Пад рэд. г. Гарэцкага. – Менск, 1928. – 59 с.

22 Аб гэтым сьведчаць і назвы працаў: Смоліч А. Арганізацыя сялянскай гаспадаркі ў раёнах Цэнтральнай Беларусі: паводле зьвестак бюджэтна-агранамічных дасьледаваньняў 1923 году. – Менск: Інбелкульт, 1926. – 149 с.; Кісьлякоў Я. Тып беларускіх сялянскіх гаспадарак // Наш край. 1925. № 2; Ярашчук А. Сувязь сялянскай гаспадаркі БССР з рынкам. – 1926. – 77 с.; Бойка Б. Будова рыначнай часткі бюджэту сялянскай гаспадаркі // Працы Горы-Горацкага навуковага таварыства. – Горкі, 1927. Т. 2. с. 98–131; Ганчарык М., Лайкоў М. Матэрыялы абсьледаваньня тэхнікі сялянскай гаспадаркі / Пад. рэд. с. Скандракова. – Менск: Інбелкульт, 1925.

23 Галоўныя досьледы, якія былі зробленыя на заказ наркамзему Беларусі (Н.К.З.Б.): Кісьлякоў Я. Пасёлкі (оптымум тэрыторыі і эфэкт землеўпарадкаваньня). – Менск: Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі, 1928. – 256 с.; Макараў М. Спроба вывучэньня эфэктыўнасьці форм землекарыстаньня ў БССР. – Менск, 1929. – 207 с.; Ждановіч с., Ярашчук А. Характарыстыка сельскай гаспадаркі Беларусі на падставе даных аб чыгуначнай і вадзяной перавозцы / Пад рэд. Я. Кісьлякова. – Менск, 1926. – 97 с.; Ждановіч с. Да пытаньня аб умовах разьвіцьця рынкавае сьвінагадоўлі ў Беларусі // Працы Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. Т. ІХ. Вып. 4. – Менск, 1928.

24 Гл.: Плятнер Т. Рахункавасьць у сялянскіх гаспадарках // Сельская і лясная гаспадарка. Кн. 2. 1927. с. 63–66.

25 Гарэцкі Р. Ахвярую сваім «я»… с. 199.

   
Беларускі селянін быў у найгоршым становішчы: зямлю кідаць страшна, бо назад ня вернешся (да 1885 г. яе было забаронена набываць і сялянам-каталікам, тады як, напрыклад, у 1830 г. сярод сялян налічвалася толькі 6 % праваслаўных), на фабрыку ня пойдзеш, бо няма блізка, на казённую службу пайшоў бы, ды не бяруць тутэйшага27. Акрамя таго, мужык плаціў 80-працэнтны падаходны падатак ды яшчэ зямельны падатак (для параўнаньня – у 1902 г. з мужыцкае дзесяціны бралі 90–150 кап., а з дворнай – 15 кап.). У выніку сельскаму насельніцтву, якое складала амаль 90 %, не было за што набываць фабрычных тавараў, а гэта была ўжо другая прычына, чаму тут не зачэплівалася прамысловасьць.

Такім чынам, да абвяшчэньня БНР, а затым усталяваньня БССР Беларусь была пераважна аграрным краем, а разьвіцьцё прамысловасьці адставала нават ад эўрапейскай часткі Расеі яшчэ да Другой сусьветнай вайны. У дадатак самыя буйныя прамысловыя раёны былі разьмешчаны па ўскраінах этнаграфічнай Беларусі – Беластоцка-Берасьцейскі, Віленскі, Дзьвінскі, Віцебскі, Гомельска-Клінцоўскі, – што стварала цэнтрабежнасьць беларускай гаспадаркі. У першыя гады савецкай улады, так званага НЭПу, таксама мелі месца праявы каляніяльнай палітыкі; калі Савецкая Расея ў 1924 і 1926 гг. вяртала беларускія землі, адным са значных фактараў быў улік уласных эканамічных інтарэсаў. Дарма што мясцовыя ўлады гарадоў Рудня, Любавічы (сучасная Смаленская вобласьць), Навазыбкаў, Клінцы, Злынка, Старадуб (сучасная Бранская вобласьць) былі згодныя ўвайсьці ў склад Беларусі, яны не былі вернутыя, як лічаць дасьледчыкі28, з прычыны існаваньня там буйных ткацкіх і сярнічных фабрык. Якраз пасьля гэтага нарадзілася ідэя індустрыялізаваць менавіта Менск, а ня ўскраіны, як геаграфічны цэнтар і сталіцу будучай аб’яднанай этнаграфічнай Беларусі29.

КАПІТАЛІЗАЦЫЯ СЯЛЯНСКАЙ ГАСПАДАРКІ Ў БЕЛАРУСІ

Вельмі важным для разуменьня сучасных праблемаў у сельскай гаспадарцы зьяўляецца вывучэньне пэрыяду капіталізацыі беларускай вёскі ў 1861–1939 гг. Ён паказвае, якой магла быць сялянская гаспадарка ў Беларусі, і дазваляе сёньня лёгка правесьці мяжу – дзе постсавецкія стэрэатыпы, а дзе тыя мажлівасьці, на якія можна разьлічваць з тае прычыны, што так ужо было.

Дробныя сялянскія гаспадаркі пакутавалі ад старажытнага архаічнага землеўпарадкаваньня. Справа ў тым, што ў паноў зямля яшчэ з аграрнай рэформы 1557 г. была нарэзана на валокі (21,36 га), якія складаліся з трох палёў, што адпавядала трохпольнай сыстэме севазвароту. З адменай прыгону сялянам пачалі прадаваць зямлю, абмерваючы яе дзесяцінамі (надзел роўны 1/10 вярсты). У выніку надзел селяніна, як правіла, уяўляў сабой некалькі загонаў даўжынёй больш за кілямэтар, які ў народзе зваўся «шнуром» (напрыклад, 4 дзесяціны (4,5 га) – гэта надзел шырынёй 4 мэтры, а даўжынёй – 1066 мэтраў). Гэта не дазваляла перайсьці з адсталага трохпольнага на шматпольны севазварот, падвышаць інтэнсіўнасьць гаспадаркі (вырошчваць болей інтэнсіўных культураў), пераходзіць са збожжавай скіраванасьці на жывёлагадоўчую. Калі паўстала пытаньне падвышэньня таварнасьці гаспадарак (гэта значыць, большай вытворчасьці сельскагаспадарчых тавараў для продажу), стала зразумела, што безь землеўпарадкаваньня не абысьціся. Іначай нельга было канкураваць з заходнімі замежнымі вытворцамі.

Ідэя вырашэньня праблемы прыйшла да нас з Польшчы і Балтыі, дзе яшчэ ў канцы ХІХ ст. пачалася практыка разьмеркаваньня сялянаў на хутары. Памер зямельнага надзелу вызначаўся з улікам таго, каб хапіла наладзіць так званую культурную гаспадарку. Для Беларусі ён прыкладна складаў 10 га. Наладзіць дзевяціпольны ці болей севазварот (дзевяць культураў з розным прызначэньнем, якія чаргуюцца, і адна культура трапляе на тое самае месца празь дзевяць гадоў) на адным кавалку зямлі на аднолькавай адлегласьці ад сядзібы і гаспадарчых будынкаў. Гэтых культураў павінна было хапіць, каб, апрача земляробства, можна было разьвіваць жывёла- і птушкагадоўлю, пчалярства, іншыя формы землекарыстаньня.

Існуе распаўсюджаны міт, што беларускі край абавязаны хутарызацыяй Сталыпіну. На самай справе, Сталыпін менавіта ў часы свайго губэрнатарства на Гарадзеншчыне падгледзеў гэтую ідэю і пачаў яе рэалізоўваць па ўсёй імпэрыі. Што сапраўды можна паставіць у заслугу Сталыпіну, дык гэта тое, што ён паскорыў працэс хутарызацыі, надаў яму сыстэмнасьць правядзеньнем заахвочвальнай крэдытнай і падатковай палітыкі. Увогуле ж і да Сталыпіна, і пасьля яго працэс хутарызацыі ў Беларусі насіў аб’ектыўны няспынны характар, бо праходзіў на добраахвотнай аснове. Найлепшыя гаспадары ад самага пачатку разумелі, што цераспалосіца, трохпольле, шнуры і іншыя анахранізмы замінаюць прагрэсіўнаму вядзеньню сельскай гаспадаркі, і самі жадалі ствараць хутарскія гаспадаркі. Сталі зьяўляцца паказальныя хутары, якія вялі рахункавыя запісы расходаў і даходаў сваёй гаспадарчай дзейнасьці, а таксама дасьледчыкі, якія на падставе тых зьвестак рабілі адпаведныя колькасныя разьлікі і даводзілі да астатніх сялянаў выгаднасьць пераносу сваёй гаспадаркі са шнуроў на хутар30. Адбывалася камунікацыя паміж сялянамі і на месцы. У выніку знаходзіліся ўсё новыя ахвотнікі перасяліцца. Працэс хутарызацыі то паскараўся, то запавольваўся, але не спыняўся ні ў час Першай сусьветнай вайны, ні пасьля кастрычніцкага перавароту, ні ў часе палітыкі «суцэльнай калектывізацыі» і вынішчэньня так званых «кулацкіх» гаспадарак. З тэхнічных прычынаў (сродкі на перанос сядзібы, на аплату землеўпарадкавальных работаў, атрыманьне крэдыту, узрост і колькасьць дзяцей і г. д.) гэты працэс ня мог адразу ахапіць усіх ахвотных, а прапускная здольнасьць яго для Беларусі была ў сярэднім каля 5 тысяч хутароў у год. Пры гэтым можна вызначыць тры хвалі паскарэньня хутарызацыі ў Беларусі, калі палітыка ўладаў актыўна спрыяла гэтаму працэсу – акрамя першага паскарэньня за Сталыпіным (1906–1911), гэта пэрыяд хутарызацыі за Прышчэпавым (1924–1929), а таксама нейкі час пасьля артыкулу Сталіна «Галавакружэньне ад посьпехаў». Да 1937 г. у Савецкай Беларусі налічвалася каля 190 тысяч хутарскіх гаспадарак, альбо 24 % ад усіх двароў31. З 1927 г. пачалася масавая хутарызацыя і ў Заходняй Беларусі, дзе да 1938 г. на хутары перасялілася 259,3 тысяч сялянскіх гаспадарак, каля 43 % ад усіх двароў, якія мелі 60 % сялянскай зямлі32. Сустракаліся ў Беларусі і суцэльна хутарскія раёны. Напрыклад, самым хутарскім раёнам у Беларусі ў канцы 1930-х быў Лёзьненскі раён, дзе колькасьць хутарскіх гаспадарак складала каля 95 % (з 10 048 двароў 9 416 былі на хутарах). Шчыльнасьць насельніцтва ў ім была большая за 70 чал./км2, роўная сёньняшняй найбольшай канцэнтрацыі сельскага насельніцтва ў Беларусі вакол буйных гарадоў. Сёньня Лёзьненшчына – адзін з самых адсталых раёнаў Віцебскай вобласьці, мае ўсяго 18 фэрмэрскіх гаспадарак, і шчыльнасьць насельніцтва – 14 чал./км2.

  26 Гл.: Смоліч А. Эканамічнае становішча Беларусі перад вайною і рэвалюцыяй [разьдзел у нататніку «Беларусь: нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху»]. – Менск, 1924. C. 22–77; Гарэцкі г. Народны прыбытак Беларусі. – Менск, 1926; Довнар-Запольский М. Народное хозяйство Белоруссии 1861–1914. – Менск: Изд. Госплана БССР, 1926. – 239 с.; Цьвікевіч А. Западно-руссизм: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ ст. – Выд. 2. – Мінск: Навука і тэхніка, 1993. – 352 с.; Луцкевіч А. Эканамічная эвалюцыя і беларускі рух // Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы / Пад. рэд. А. Сідарэвіча. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003. с. 66–75.

27 Войцех. Зямельная справа ў Беларусі // Наша Ніва: Факсімільнае выданне. 1906. № 5. с. 2–3; № 6. с. 2–4; № 7. с. 2–3.

28 Мірановіч г. Найноўшая гісторыя Беларусі. – Беласток, 2002; Кандыбовіч с. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. – Мінск: Беларускі Гістарычны Агляд, 2000. с. 26.

29 Так лічыў, у прыватнасьці, г. Гарэцкі. Гл.: Гарэцкі Р. Ахвярую сваім «я»… с. 198.

   
Хутарызацыя спрыяла ліквідацыі паўпрыгонных адносінаў і расчышчала шлях для разьвіцьця капіталізму ў вёсцы. Такая палітыка прынесла чаканыя вынікі – у 1937–1938 гг. Віленскае, Наваградзкае, Палескае ваяводзтвы Заходняй Беларусі дасягнулі паводле ўраджайнасьці збожжа і бульбы паказьнікаў Францыі33.

Нягледзячы на шматлікія перашкоды, спачатку з боку царскіх, потым з боку савецкіх уладаў, у акрэсьлены пэрыяд беларуская сельская гаспадарка мела посьпехі, якіх сёньня ня мае АПК, заснаваны на калгаснай сыстэме, дзяржаўнай уласнасьці і дзяржаўнай падтрымцы. Напрыклад, пакуль захоўвалася самастойнасьць сялянаў у вырашэньні пытаньняў, што вырабляць, у якім памеры, каму і куды прадаваць, у дачыненьні да Беларусі дзейнічала тэорыя адносных пераваг Д. Рыкарда34. Хоць прадукцыйнасьць працы беларускага селяніна была тады ў 2–3 разы меншая, чым ангельскага ці нямецкага, беларускія тавары пранікалі глыбока ў Заходнюю Эўропу. Як пісала ў 1910 г. «Наша Ніва», «ангельцы ў Лёндане ядуць масла зь Дзісны й яйкі з-пад Радашкавічаў». Пры гэтым сяляне ўлічвалі ня толькі попыт на ўнутраным рынку, але і сусьветныя цэны на сельскагаспадарчыя прадукты. У залежнасьці ад зьмяненьня каньюнктуры цэнаў зьмянялася і прапанова тавараў. Напрыклад, з 1890-х гг., калі пачалі падаць цэны на збожжа, сяляне скарацілі яго вытворчасьць, і край стаў яго імпартаваць. Але, як зазначаў А. Смоліч, на пачатку 1920-х гг. «Беларусь прывозіць хлеб са стараны не таму, што ня можа прахарчавацца сваім, а таму, што гаспадарка яе цяпер ужо менш цікавіцца вырабам зярна й сваю ўвагу што раз, то больш зьвяртае на больш зыскоўныя галіны гаспадаркі. Усе на захад ад Беларусі ляжачыя эўрапейскія краі гэтак сама, як і Беларусь, маюць недахоп уласнага хлеба і прывозяць яго са стараны. Наадварот, Маскоўшчына і асабліва Ўкраіна вывозяць шмат хлеба за граніцу»35. Той жа Смоліч даводзіў, што беларускія глебы добра прыдатныя для вырошчваньня травы, а таксама тэхнічных культураў, такіх, як бульба, буракі, лён, канюшына, і таму тут заўсёды будзе эканамічна выгадна адносна іншых краінаў займацца жывёлагадоўляй. Наркам Прышчэпаў казаў пра гэта так: «Да сацыялізму на сьвіньні». Такім чынам, гісторыя беларускай сельскай гаспадаркі пераканаўча сьведчыць, што ў рынкавых умовах сяляне самі здольныя сфармаваць эфэктыўную структуру вытворчасьці, выявіць адносныя перавагі і знайсьці сваё месца ў міжнародным падзеле працы без умяшальніцтва дзяржавы.

ЗЬНІКНЕНЬНЕ Ў ПРОРВЕ «ВЯЛІКАГА ПЕРАЛОМУ»

Згодна з падлікамі У. Адамушкі, у пэрыяд 1917–1929 гг. было толькі судовымі органамі рэпрэсавана 10 тысяч чалавек, 1929–1934 – 46 тысяч, 1935–1940 – 85 тысяч, 1941–1945 – 55 тысяч, 1946–1953 – 50 тысяч36. У першыя гады пасьля стварэньня Савецкага Саюзу шмат хто з тагачаснай мясцовай палітычнай і навуковай эліты лічыў Савецкую Беларусь асобнай краінай. Статус Цэнтральнага бюро ЦК(б)Б дазваляў яшчэ абараняць беларускіх навукоўцаў ад саюзных сілавых органаў. Акрамя г. Гарэцкага, у тым самым 1922 г. АДПУ прыняло рашэньне аб высылцы зь Беларусі эканаміста с. Скандракова. Аднак за яго заступіўся тагачасны наркамзем А. Славінскі. У пастанове ЦБ ЦК(б)Б, прынятай адносна с. Скандракова, гаварылася: «Пакінуць для работы ў Н.К.З.Б. пад асабістую адказнасьць Славінскага, аб чым паведаміць ДПУ»37. Але ў 1926 г. бюро ЦК(б)Б амаль у нязьмененым складзе ўжо не падтрымала хадайніцтва старшыні Дзяржпляну Сяргея Карпа (1892–1937) пакінуць М. Доўнара-Запольскага ў Беларусі, які, на на яго думку, быў кваліфікаваным спэцыялістам у галіне народнай гаспадаркі38.

Кропкай адліку фізычнага вынішчэньня інтэлектуальнай эліты стала канфэрэнцыя аграрнікаў-марксістаў у сьнежні 1929 г., на якой Сталін у сваёй прамове сказаў: «Непонятно только, почему антинаучные теории «советских» экономистов типа Чаяновых должны иметь свободное хождение в нашей печати…» Тут жа яму ў лад рэктар БСГА П. Пінчук і М. Карклін сярод буржуазных прадстаўнікоў эканамічнай навукі ў Беларусі назвалі с. Ждановіча, Я. Кісьлякова, З. Прышчэпава, А. Смоліча, г. Гарэцкага, О. Хаўке. Прагучала думка, што кандрацьеўшчына і чаянаўшчына ў Беларусі – самая моцная ў Савецкім Саюзе.

Пасьля канфэрэнцыі з мэтай тэарэтычнага абгрунтаваньня агучаных абвінавачаньняў у нацдэмаўшчыне, супрацьстаяньні калектывізацыі і падтрымцы рынкавых адносінаў, шэраг навукоўцаў на замову, згодна з усталяванаю каньюнктурай, пачалі пісаць адпаведныя артыкулы і кнігі. Для крытыкі, зразумела, была абраная беларуская нацыянальная групоўка эканамістаў. Былыя калегі і вучні – с. Маргелаў, г. Бондар, М. Ганчарык – выдалі крытычныя заўвагі на працы З. Прышчэпава, М. Доўнара-Запольскага, Я. Кісьлякова, с. Ждановіча, М. Лайкова, М. Макарава, А. Ярашчука, г. Гарэцкага, с. Скандракова, а г. Арцямкоў – на Р. Бонч-Асмалоўскага. М. Ганчарык пісаў абвінаваўчы артыкул пра дзейнасьць інстытуту г. Гарэцкага, хоць яны былі сябрамі і г. Гарэцкі ў час адпачынку пакідаў яго сваім намесьнікам; Шэйнін і Каплан давалі абвінаваўчыя паказаньні, ад якіх пазьней адмовіліся. Абвінаваўчыя артыкулы пісалі таксама с. Вальфсон, І. Верба, Д. Чудноўскі, М. Гольман, Р. Выдра. Аўтары, як ім здавалася, рабілі ўсё ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі паноўнай ідэалёгіі, але рэпрэсіўны мэханізм пасьля дабраўся й да іх – большасьць будзе расстраляная.

Па справе так званага «Саюзу вызваленьня Беларусі» з нацыянальнай групоўкі эканамістаў праходзілі А. Смоліч, Я. Кісьлякоў, З. Прышчэпаў, с. Скандракоў, па справе беларускай філіі «Працоўнай сялянскай партыі» (ПСП) – г. Гарэцкі, с. Ждановіч, Б. Бойка, Р. Бонч-Асмалоўскі, П. Хоцкі, па справе «Беларускай філіі меншавікоў» – І. Герцык, па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру» – М. Ганчарык.

Былі расстраляныя Смоліч, Ждановіч (?), Бойка, Бонч-Асмалоўскі, Герцык, памерлі ў зьняволеньні Прышчэпаў, Журык. Выратаваліся, але не дажылі да рэабілітацыі Кісьлякоў, Скандракоў. З тых, хто выжыў (Г. Гарэцкі, М. Ганчарык), ніхто ня стаў больш займацца эканамічнай навукай, бо для гэтага патрабавалася адрачыся ад самога сябе, сваіх поглядаў. Тое самае датычыць і расейскай арганізацыйна-вытворчай школы, дзе толькі Вайнштэйн знайшоў у сабе моц у 1960-я гг. завяршыць свае працы аб праблемах народнага прыбытку (хоць там выжылі Чалінцаў, Макараў, Даярэнка і інш.). Дый патрэбы ў такой тэорыі ўжо не было, бо сялянскія прыватныя гаспадаркі былі ўжо зьнішчаныя. Як заўважыў Главэлі, «узьніклая на заклік А. Чаянава ў год паўвекавога разьняволеньня сялян арганізацыйна-вытворчая школа праіснавала меней за 20 гадоў – да новага, калгасна-саўгаснага, зьняволеньня – і зьнікла ў прорве «вялікага пералому»39.

  30 Уласаў А. Аб гаспадарцы на хутары і на шнурох // Наша Ніва: Факсімільнае выданне. 1909. № 6–7. с. 82–101; Тройца В. Зямельная справа // Наша Ніва: Факсімільнае выданне. 1909. № 37. с. 521–523.

31 Зьвесткі ўзятыя з: Процька Т. Вынішчэньне сялянства. с. 51.

32 Зялінскі П. Аграрная рэформа ў Заходняй Беларусі (1921–1939) // Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы міжнароднай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі, 17–18 верасня 1999. – Мінск: БДУ, 2000. с. 28.

33 Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795–2002). – Мінск: Энцыклапедыкс, 2003. с. 277.

34 Нават калі ў Беларусі ўсе тавары будзе вырабляць даражэй, чымся на Захадзе, усё роўна будуць такія зь іх, якія выгадней вырабляць тут, бо выгаднасьць вызначаецца адноснымі выдаткамі на вытворчасьць тавараў не паміж краінамі, а ўнутры краіны. Напрыклад, калі бульба ў Беларусі таньнейшая адносна віна на большую ступень, чым у Францыі, то нават калі і бульба, і віно будуць у Беларусі даражэйшыя, чым у Францыі, усё роўна Францыі выгадней у сябе вырабляць віно, а бульбу купляць у Беларусі. Інакш кажучы, асьцярогі наконт таго, што калі адчыніць мяжу для танных замежных тавараў, то ў Беларусі няма будзе чаго вырабляць, беспадстаўныя.

35 Смоліч А. Географія Беларусі / Пасьлясл. А. Ліса. – Выд. 4. – Менск: Беларусь, 1993. с. 159–160.

36 Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20–50-х гадоў у Беларусі. – Мінск: Беларусь, 1994. с. 9.

37 Платонаў Р. Лёсы. с. 27–40.

38 Тамсама. с. 36.

   
Без разуменьня таго, што адбылося ў часы ліквідацыі бальшавікамі прыватных уласьнікаў на сяле, немагчыма сёньня знайсьці выйсьце ў вырашэньні аграрнага пытаньня. У 1929 г. была забароненая хутарская форма землекарыстаньня. У 1935 г. у Маскве было прынятае рашэньне аб зьнішчэньні хутароў шляхам іх «сьцягваньня» на цэнтральныя калгасныя сядзібы. Былі даведзеныя плянавыя лічбы і вылучана адпаведнае фінансаваньне. Першапачаткова высяленьне плянавалася правесьці на добраахвотнай аснове, але рэальнае становішча рабіла гэта немагчымым. Тры гады запар беларускія ўлады не маглі выканаць пляны па ліквідацыі (у 1936 г. з заплянаваных 13 000 было выселена 5623, у 1937 г. з 13 000 – 4273, у 1938 г. з 30 000 – 21 406)40. Хутарызацыя адбывалася ажно да той пары, пакуль бальшавікі не перайшлі да фізычнага вынішчэньня сялянства. У адпаведнасьці з пастановай ЦК ВКП (б) і СНК СССР ад 27.5.1939 г. «Аб захадах па ахове грамадзкіх земляў калгасаў ад разбазарваньня», усе хутарскія гаспадаркі да верасьня 1940 г. падлягалі ліквідацыі. На гэты час на тэрыторыі сучаснай Беларусі існавала яшчэ каля 425 тысяч хутароў. За 1939–1940 ва Ўсходняй Беларусі было зьліквідавана болей за 160 тысяч хутарскіх гаспадарак; распачалася іх ліквідацыя і ў далучанай Заходняй Беларусі, але пачатая неўзабаве вайна перапыніла гэты працэс, таму канчатковая ліквідацыя хутароў у Беларусі адбылася ў 1950-я гг. За два гады да вайны і за два гады пасьля вайны было ліквідавана прыблізна па 200 тысяч хутароў. Калі ўлічыць, што ў сярэднім памер сям’і складаў 8 чалавек, дык выходзіць прыблізна 3,4 мільёну скалечаных лёсаў. Гэта адказ таму, хто ідэалізуе перамогу ў Другой сусьветнай вайне, а значыць, і той час у гісторыі Беларусі.

* * *
Непрацяглы час ад абвяшчэньня БНР да вынішчэньня бальшавікамі беларускай інтэлігенцыі (1918–1929) дае сёньняшнім беларускім эканамістам апірышча ў выглядзе эканамічнай школы, якую, паводле сучасных крытэраў клясыфікацыі, можна аднесьці да нэаклясычнай ці да інстытуцыянальнай плыні.

Вучэньне навуковых набыткаў гэтай школы можа спрыяць стварэньню ўласнай тэорыі, на грунце якой можна было б дасягнуць народнага дабрабыту, роўнага такім краінам, як Данія і Бэльгія (калі гаварыць пра аднаўленьне канцэпцыі «Беларусь-Данія»).

Ёсьць патрэба і ў выданьні анталёгіі найбольш выдатных працаў, якія датычацца навукі аб арганізацыі сялянскай гаспадаркі.

  39 Гловели г. Организационно-производственная школа // История экономических учений. с. 455.

40 Процька Т. Вынішчэньне сялянства. с. 57.

   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (36) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/8/14